Мы зь Андрусём больш за 15 год суседзі. Ён — звычайны з выгляду мужчына ўзростам за 40 працоўнай прафэсіі. Рост і камплекцыя сярэднія. Аднойчы сустракаемся каля пад’езду.
— Як маесься?
— Ай, у развагах. Думаю, што б такога напісаць пра 90-я.
— Калі сам тады ня жыў, то так проста не напішаш. Я быў нефармалам у тыя часы, панкам, ты ведаў?
— Не. Распавядзеш?
Падымаемся на сёмы паверх па лесьвіцы. Андрэй кажа, што ўсё сьвядомае жыцьцё лічыць сябе панкам і больш 15 год не ўжывае алькаголю. Заходзім, заварваем у імбрыку гарбату з зёлак.
«90-я былі вірлівым часам. Развалілася краіна, у якой вырасьлі чатыры пакаленьні людзей. Здавалася б зь ніадкуль узяліся дзясяткі і сотні палітычных арганізацыяў, грамадзкіх рухаў і разнамасных фрыкаў. Усе нечага чакалі. Зьменаў.
У руху нефармалаў - рокераў, мэталістаў, скінгэдаў - была поўная мешаніна. Усе тусаваліся ў адных і тых жа месцах, хадзілі на адны і тыя ж канцэрты. Але было шмат канфліктаў, бо людзі насамрэч разыходзіліся. Гэта было сапраўднае балота. У пэўны момант узьнікла жаданьне і патрэба як мага хутчэй расставіць усе кропкі над „і“. Хацелася адкрыта казаць пра тое, што нам не падабаецца. Пра мянтоў, фашню, чыноўнікаў і іншую нечысьць. Так і зьявіўся наш панк-рок. Мы хацелі быць шчырымі і з сабой, і са сьветам».